a-brest.by квартирыa-brest.by домапрови 30ДентикоМахновича, 37

ГлавнаяНовостиИстория БрестаМаршрут, які дапаможа даведацца пра брэсцкі мадэрнізм

Маршрут, які дапаможа даведацца пра брэсцкі мадэрнізм

23 января 2019 -

У снежні мінулага году каманда ініцыятывы “Брэсцкі канструктывізм” выдала друкаваны маршрут, з дапамогай якога можна пазнаёміцца з мадэрнісцкай спадчынай Берасця. Дызайн мапы распрацаваны студыяй GRAFIT. Маршрут ахоплівае 13 будынкаў, але ніжэй мы пакажам трохі больш.

Стыль мадэрнізм пачаў распаўсюджвацца ў Берасці ў 20-я гг. ХХ ст. Мадэрнізм унікальны: нягледзячы на час, мадэрнісцкая архітэктура выглядае ўсё гэтак жа сучаснай. Яна лаканічная і строгая, рацыянальная і функцыянальная. Але ў ёй ёсць і экспрэсія, якая знайшла выраз у чыстых геаметрычных формах і дэталях: кругі, вострыя дэталі, гарызантальныя лініі на фасадах, высокія стужачныя вокны, закругленыя куты, плоскія дахі. Тыповая для мадэрнізму адсутнасць дэкору кампенсавана выразнасцю формы. У Берасці мадэрнізм атрымаў “народную” назву “брэсцкі канструктывізм”.

Прагулка пачынаецца з перакрыжавання вуліц Леніна і Міцкевіча. Насупраць адзін аднаго стаяць два падобныя дамы. Іх пабудавалі ў 1937-1939 гг. На першым паверсе размяшчаліся крамы, на другім – офісы, а на трэцім жылі людзі. Гэтыя дамы функцыянальна актуальныя і сёння.

У доме № 16 па вуліцы Леніна на другім паверсе ў 30-я гг. размяшчаліся канторы цеплаэлектрастанцыі і прадстаўніцтва “Аўта-Палессе”. Трэці паверх займалі трохпакаёвыя апартаменты з кухняй і туалетам. У савецкі час паверх падзялілі на невялікія кватэры.

Далей трэба прайсці па вуліцы Леванеўскага да дома № 17А. Яго пабудавалі ў 1932 гг. на грошы Браніслава Палітоўскага. Архітэктар дома – Пётр Архіпенка. Стыль пабудовы – стрымлайн або “карабельны стыль”. Яго лёгка адрозніць па круглым вокнам і закругленым балконам, падобным на палубу. У лютым 1940 г. дом быў муніцыпалізаваны. Будынак не дзялілі на некалькі кватэр, а пакінулі пяціпакаёвае жыллё. У 1962 г. у будынку размясцілі дзіцячыя яслі, затым – медыцынскую ўстанову. З 2009 г. тут знаходзіцца прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Брэсцкай вобласці.

У раёне, абмежаваным вуліцамі Чкалава, Крупскай, Кааператыўнай и Гогаля, знаходзіцца 6 мадэрнісцкіх дамоў. Гэтыя некалі вілы – тыповыя ”прадстаўнікі” “брэсцкага канструктывізму”. Яны пабудаваны ў другой палове 30-х гг. і выдатна ілюструюць ідэю “дома-сада”, якую брэсцкія архітэктары ўвасаблялі побач са строгімі формамі мадэрнісцкіх будынкаў. Гароды, сады і кветнікі забяспечвалі жыхарам хат дадатковы камфорт. Гэты комплекс варты ўвагі і заслугоўвае ўключэння ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Наступныя два будынка (вул. Камуністычная 13-5 і вул. Урыцкага 3-11) вельмі падобныя па структуры. Ствараецца ўражанне, што гэта адзін доўгі двухпавярховы дом з пад’ездамі. Але на самой справе гэта некалькі асобных дамоў з агульнымі сценамі.  Па праекце на першым паверсе ў дамах размяшчаліся хол, кухня, сталовая і салон; на другім – тры спальні і ванны. Дамы мелі выхад на ўнутраную тэрасу, да таго ж ў кожнай сям’і быў сад ці агарод на шырыню дома.

Перліна брэсцкага мадэрнізму –  дом 14 па вул. Камуністычнай, які пабудаваны для сямейнай пары Міхаіла і Аляксандры Ладаньчук па праекце Уладзіслава Каміньскага. Улады дазволілі рэалізаваць праект нягледзячы на перавышэнне вышыннасці па нормах таго часу. Аргумент быў просты: будынак павінен стаць ўпрыгожваннем гарадской прасторы. У доме спалучаны ўсе асноўныя рысы мадэрнізму. Паспрабуйце іх знайсці.

Спартыўны манеж па вул. Леніна 23 быў пабудаваны ў 1931 г. як цір па праекце Юзафа Бараньскага. Забудоўшчык праігнараваў некаторыя элементы будынка, закладзеныя ў праекце, і архітэктар адмовіўся прызнаваць аўтарства і падпісваць акт выкананых работ. У 1953 г. тут размясціўся Брэсцкі дом фізічнай культуры, а ўздоўж дома з правага боку пасадзілі дэндрарый.

Двухпавярховы мураваны асабняк у стылі стрымлайн па вул. Будзёнага 3 быў пабудаваны ў 1937 г. Аўтар праекта – архітэктар Уладзіслаў Каміньскі. Уладальнікі дома, Ян і Барбара Фурса, ўсяліліся ў будынак у кастрычніку 1937 г. У асабняку было 12 памяшканняў: 8 пакояў, 2 кухні, 2 ванныя пакоі. Ужо ў студзені 1940 г. дом быў канфіскаваны ўладамі. У постсавецкі перыяд у доме размяшчаўся інтэрнат Брэсцкага музычнага каледжа. Сёння будынак знаходзіцца пад пагрозай зносу. Хаця ў ім захавалася шмат арыгінальных элементаў: парэнчы, квадратныя трубы, фурнітура на вокнах і ліхтар на ўваходзе.

Будынак на вуліцы К. Маркса 37 – гэта Лютэранская кірха меркаванага аўтарства Юзафа Бараньскага. У 1936 г. прыхаджане мясцовай евангелісцка-аўгсбургскай абшчыны выкупілі ўчастак зямлі пад будаўніцтва кірхі. Гэта ўнікальны для Беларусі праект, бо культавых збудаванняў у стылі мадэрнізм ў краіне практычна няма. У 1945 г. будынак пераабсталявалі пад дзіцячы кінатэатр. У выніку з’явілася прыбудова ў правай частцы і зніклі вітражы.

Па дарозе да наступнай кропкі можна паглядзець мадэрнісцкі будынак на Маякоўскага 9. Ён быў здан у 1938 годзе для сям’і Кубр.

Гэты прыгожы мадэрнісцкі дом на К. Маркса 32 пабудаваны Марыяй Непамуцкай у 1935 г. Нягледзячы на яго вялікую плошчу –  дом складаўся з 19-ці памяшканняў – першапачаткова ён быў задуманы аднакватэрным. Перад галоўным уваходам захаваўся аўтэнтычны палісаднік 1930-х гадоў, на які раім звярнуць увагу.

Будынак па вул.К. Маркса 30 на самай справе складаецца з двух дамоў. Калі ўважліва паглядзець на фасад, то заўважна, што гэта два розных дома. Левая частка сучаснага будынка з балконам была пабудавана ў 1936 г., а правая – у 1937 г. Абодва дамы належалі Раману і Мар’і Гродскім. Увагі заслогоўваюць аўтэнтычныя гаражы ў двары.

Апошні адрас у маршруце – гэта дом на вуліцы Камсамольскай 25. У 1937 годзе зямлю, дзе размяшчаліся старыя драўляныя дамы, выкупіла Яніна Урбановіч пад будаўніцтва будучай швейнай фабрыкі. Праект будынка выканаў Юзаф Бараньскі. Дом павінен быў упрыгожыць адну з галоўных вуліц горада. Яго пачалі будаваць у 1938 г. У карыстанне ён быў здадзены ў верасні 1939 г., усяго за пару дзён да пачатку Другой сусветнай вайны. Яніна Урбановіч так і не паспела запусціць уласную вытворчасць. У снежні 1939 г. тут размясціў швейную вытворчасць ужо Народны камісарыят лёгкай прамысловасці БССР.  У 1950-х гг. на будынку ўзвялі трэці паверх і прыбудавалі некалькі карпусоў у стылістыцы, закладзенай Ю. Бараньскім. Будынак лічыцца адным з найбольш значных помнікаў архітэктуры мадэрнізму. Зараз у ім размяшчаецца офісны цэнтр.

У друкаваным выглядзе карты маршрута можна знайсці ў кавярне “Бразільена”, Брэсцкай абласной бібліятэке, гатэлі “Веста”, Музеі гісторыі Берасця і на офісе АРР “Дзедзіч”. А болей гісторыі пра брэсцкі мадэрнізм апублікавана на сайце праэкта.

 

Фота: Марта Мартынюк, natatnik.by

 

 

Похожие статьи:

Брестская крепостьБригитский мост реконструируют?

История БрестаОстанки четырех красноармейцев обнаружили поисковики в Малоритском районе

История Бреста«Закопанский» стиль - часть истории Бреста

История БрестаРеклама на польском и на идиш на стене дома в Бресте

Поделиться:
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!

отключен Javascript

Онлайн радио


Свяжитесь с нами по телефонам:

+375 29 7 956 956
+375 29 3 685 685
realbrest@gmail.com

И мы опубликуем Вашу историю.