Кожны горад, кожнае мястэчка на Брэстчыне асаблівае, мае свае традыцыі, гісторыка-культурную спадчыну
З упэўненасцю можна сказаць, што самым вядомым месцам ва ўсіх населеных пунктах з’яўляюцца гарадскія пло-шчы. Са старажытных часоў прынята, што менавіта тут праходзяць галоўныя масавыя ўрачыстасці, многія цэнтральныя падзеі.
Адной з самых прыгожых і добрых сучасных традыцый з’яўляецца ўпрыгожванне навагодняй ёлкі на цэнтральнай плошчы, побач звычайна арганізаваны гандаль і разнастайныя забавы для дзяцей і дарослых. Вось і сёлета ў кожным населеным пункце не толькі нашага рэгіёна, але і ўсёй краіны запальваюць агеньчыкі галоўнай навагодняй прыгажуні, бо хутка самае любімае і доўгачаканае свята. У гэты перыяд на плошчах пабываюць тысячы людзей. Між тым цікава ўзгадаць гісторыю гэтых самых плошчаў. Толькі ўявіце, што калісьці тут не было ні ёлак, ні тых будынкаў, што сёння знаходзяцца ў самым сэрцы гарадоў, жыццё ішло зусім па-іншаму…
БРЭСТ. Першы адрас – 17 Верасня
Плошча Леніна афіцыйна з’явілася на карце горада Брэста пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, але фактычна яна сфарміравалася значна раней і насіла іншую назву. Утварылі яе некалькі будынкаў, у адрасе якіх значылася вуліца 17 Верасня – будучая вуліца Леніна. Дарэчы ў гонар 17 Верасня называлася ў той час і плошча. Тут па суседству размясціліся касцёл Святога Крыжа, казначэйства, а таксама шпіталь і Палескае ваяводства.
Багатая гісторыя горада Брэста знайшла адлюстраванне ў назвах яго вуліц і ў частай змене некаторых з іх. Цяперашняя вуліца Леніна за гісторыю свайго існавання неаднаразова пераназывалася. Да 1913 года яна насіла назву Бульварнага праспекта, у 1913–1921 гадах была Раманаўскім праспектам, з 1921 па 1939 гг. называлася вуліцай Люблiнскай Уніі. Зусім нядоўга пабыла праспектам імя 17 верасня. У гады вайны нямецкія акупанты назвалі вуліцу Штрасэ дэс 45 дывізіён, потым ператварылі яе ў Дойчштрасэ. У 1944 годзе яна стала вуліцай 17 Верасня. Апошняя назва – вуліца Леніна – была дадзена ў 1948 годзе, з той пары яна не змянялася, як і назва плошчы. Дарэчы пераважная большасць плошчаў ў рэгіёне названа ў гонар Уладзіміра Ільіча і дагэтуль носяць яго імя. У 1958 годзе на плошчы Леніна быў усталяваны помнік правадыру рэвалюцыі. Аўтарства належыць скульптару М. Ластачкіну і архітэктару Г. Заборскаму. Помнік і сёння стаіць на сваім месцы.
Узгадаць, калі на плошчы пачалі ставіць навагоднюю прыгажуню, сёння амаль нерэальна, а вось напомніць пра тое, што гэта стала традыцыяй, якая аб’ядноўвае гараджан, неабходна. У апошнія дзесяцігоддзі сімвал Новага года быў натуральным і штучным, меў традыцыйную форму і авангардную, быў упрыгожаны стылізаванымі цацкамі, класічнымі шарамі, рознатыповымі гірляндамі, інтэрактыўнай стужкай і нават футбольным мячом.
БАРАНАВІЧЫ. На галоўнай гарадской магістралі
Вуліца Леніна працягнулася прыблізна на адзін кіламетр у цэнтральнай частцы Баранавічаў і з’яўляецца адной з галоўных гарадскіх магістраляў. Яна бярэ пачатак у скрыжавання з вуліцай Савецкай, дзе знаходзіцца плошча імя Леніна.
Гісторыя гэтай вуліцы бярэ пачатак у XVIII–XIX стагоддзях, калі яна была звычайнай прасёлкавай дарогай, што злучала Ляхавічы і Новую Мыш. Стары тракт спраўна служыў і пешым, і конным падарожнікам, але ў 1871 годзе яго «разрэзалі» на дзве часткі рэйкі Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, а ў 1884 годзе – шлях Вільна-Ровенскага кірунку Палескіх чыгунак. У пачатку ХХ стагоддзя тут кіпелі рэвалюцыйныя працэсы, а з 1950-х гадоў пачалася актыўная забудова вуліцы, якая паступова знайшла свой цяперашні выгляд.
Сучасную назву плошча Леніна атрымала ў 60-я гады мінулага стагоддзя, раней яна звалася плошчай Перамогі. Тут таксама рыхтуюцца сустракаць Новы год і па традцыі ўсталёўваюць жывую лясную прыгажуню. Для стварэння такой ёлкі выкарыстоўваюць яловыя галіны, часам цэлыя невялікія дрэвы. Адборныя елкі, прывезеныя з Баранавіцкага лясгаса, ствараюць адну кампазіцыю – пышную і стройную галоўную ёлку горада.
ПІНСК. Традыцыя гандляваць
Цэнтральнай у Пінску плошчу клічуць не па геаграфічным месцы знаходжання, а па значнасці ў гісторыі Пінска. У мінулым гэта была рынкавая плошча, вакол якой будаваліся купецкія і гандлёвыя хаты. Так было доўгі час, нягледзячы на войны і пажары. У 1960–1970-я гады мінулага стагоддзя сталі ўкараняцца прынцыпы савецкага горадабудаўніцтва, узводзіцца тыпавыя будынкі. Галоўная плошча горада Пінска і цяпер носіць імя Леніна. Да 1939 года плошчу называлі Гандлёвай. Тут знаходзіліся гандлёвыя шэрагі і комплекс манастыра езуітаў, што складаецца з касцёла Святога Станіслава і корпуса калегіума, пабудаваных у сярэдзіне XVII стагоддзя ордэнам езуітаў.
З 1795 года на плошчы месціўся праваслаўны Богаяўленскі манастыр, да якога ў кірмашовы дзень спяшаліся палешукі, сяляне, рамеснікі, умельцы, якія дабіраліся праз балоты і па рэках, каб уладкаваць тут бойкі гандаль.
Гандаль, няхай і не такі жвавы, захаваўся і ў нашыя дні, але праходзіць ён пераважна ў святочныя дні, падчас народных гулянняў. У перадсвяточныя дні плошча становіцца месцам прыцяжэння гараджан – і дзеці, і дарослыя прыходзяць да навагодняй ёлкі.
КОБРЫН. На месцы першай аўтобуснай станцыі
Сучасная цэнтральная плошча з’явілася ў Кобрыне ў 1950-х гадах пры перапланіроўцы цэнтра горада пасля Вялікай Айчыннай вайны. Да таго, як была разбіта плошча, тэрыторыя была забудавана жылымі дамамі, а таксама тут існавала першая ў гісторыі Кобрына аўтобусная станцыя.
Плошча Леніна – галоўная плошча горада яшчэ з савецкіх часоў. Побач знаходзяцца музей Суворава, Палац культуры, банк, гасцініца, пошта, суд, а таксама адміністрацыйныя будынкі. Плошчу ўпрыгожваюць помнік у гонар заснавальнікаў горада Кобрына і помнік Леніну. Тут праходзяць асноўныя гарадскія мерапрыемствы і ўрачыстасці. Побач раскінулася пешаходная вуліца Суворава. Да «Дажынак» плошча значна змянілася: замест старога асфальту пакладзена плітка.
Плошча Леніна сёння з’яўляецца цэнтрам горада. Традыцыйна ў цэнтры плошчы штогод усталёўваюць ёлку, агеньчыкi якой па традыцыi запальваюць Дзед Мароз, Снягурка ды казачныя персанажы.
Вольга СВІРЫДОВІЧ
Похожие статьи:
Беларусь → Планшет Huawei Media Pad T 8 всего за 399 рублей в МТС
Брест и регион → Что можно купить с аукционов в апреле? – лоты от 0,2 тысяч до 3,5 миллионов рублей!
История Бреста → В 1964 году вышел в свет замечательный фотоальбом с видами города Бреста — «БРЭСТ БРЕСТ BREST»
Беларусь → Смарт-часы HONOR Watch GS 3 — время стать лучше
Реальный Брест → Проблемы с подсветкой или по случаю какого-то праздника?